Міністэрства абароны Расіі распаўсюдзіла афіцыйную заяву, у якой у катастрофе самалёта Іл-76 абвінаваціла УСУ, заявіўшы, што ён быў збіты зенітна-ракетным комплексам з Харкаўскай вобласці.
«Сёння ў 11 гадзін 15 хвілін кіеўскім рэжымам здзейснены тэрарыстычны акт, у выніку якога быў збіты самалёт вайскова-транспартнай авіяцыі Расіі, які выконваў рэйс па маршруце аэрадром Чкалаўскі — Белгарад для перавозкі ўкраінскіх вайскоўцаў для абмену.
Паражэнне самалёта ажыццявілі ўзброеныя сілы Украіны з раёна населенага пункта Ліпцы Харкаўскай вобласці з выкарыстаннем зенітнага ракетнага комплексу», — заявіў кіраўнік дэпартамента інфармацыі і масавых камунікацый Міністэрства абароны Расіі Ігар Канашанкаў.
Паводле яго словаў, радыёлакацыйныя сродкі ВКС Расіі засеклі пуск дзвюх украінскіх ракет.
Канашанкаў таксама пацвердзіў раней распаўсюджаную інфармацыю пра тое, што на борце самалёта знаходзілася шэсць чальцоў экіпажа, 65 украінскіх вайскоўцаў для абмену і тры расійскія вайскоўцы, якія суправаджалі іх. Усе яны загінулі.
Прадстаўнік Мінабароны ўпэўнены, што ўкраінскі бок збіў самалёт з мэтай абвінаваціць у гэтым Расію.
Што кажуць ва Украіне
Ва ўкраінскім ГУР пацвердзілі, што сёння планаваўся абмен ваеннапалоннымі. Пра гэта прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Андрэй Юсаў расказаў украінскай службе «Радыё Свабода».
«Але я магу канстатаваць, што запланаваны на сёння абмен пакуль не адбываецца», — заявіў Юсаў.
Сцверджанне Расіі пра тое, што на борце вайсковага самалёта Іл-76, які ўпаў у Белгародскай вобласці, нібыта былі ўкраінскія ваеннапалонныя, ГУР цяпер правярае, дадаў ён.
Начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю Узброеных сіл Украіны Багдан Сенік у каментары выданню NV паведаміў, што ведамства не можа пацвердзіць датычнасць УСУ да крушэння самалёта.
«Станам на цяперашні час у нас такой інфармацыі няма», — адзначыў Сенік.
Між тым расійская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян у сваім тэлеграм-канале апублікавала, як яна сцвярджае, спісы ўкраінскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў самалёце. Паводле звестак Mash, на борце былі «азоўцы».