На беларуска-расійскай мяжы раптоўна адмянілі кантроль, які ўвялі сёлета ў траўні. Пра гэта расказваюць удзельнікі чатаў, якія сочаць за становішчам на гэтым участку мяжы. Паводле іх словаў, яшчэ ў панядзелак даводзілася праходзіць кантроль у прапускных пунктах, але з вечара аўторка тых, хто заязджае ў Беларусь, ужо не правяралі. Даведаліся дэталі.
Увечары 18 ліпеня ў чаце «Граница РФ-РБ» з’явіліся паведамленні пра тое, што з боку Беларусі зніклі памежныя пункты. Дакладны час, калі іх прыбралі, невядома. Удзельнікі чата паведамляюць, што ў панядзелак, 17 ліпеня, яны былі, а ўжо ў аўторак увечары — зніклі.
— У панядзелак (17 ліпеня. — Заўв. рэд.) раніцай усё было, — удакладняе адзін з карыстальнікаў у чаце. — А ноччу ехаў са Смаленска, было абсалютна пуста.
Пра адсутнасць кантролю гавораць і тыя, хто перасякаў расійска-беларускую мяжу па трасе М1 каля вёскі Красная Горка і вёскі Рудня (абедзве знаходзяцца ў Смаленскай вобласці Расіі).
Таксама няма дадатковага кантролю і ля аграгарадка Ляды (Дубровенскі раён) і ля вёскі Езярышча (Гарадоцкі раён).
— 18 ліпеня каля 21.00 пры руху з Масквы ў Мінск на легкавіку, Красная Горка: толькі бегла прагледзелі пашпарты на расійскім баку, далей — нічога, — піша яшчэ адна ўдзельніца чата. — Ніякага надгляду, з машыны выходзіць не давялося. Усё як да травеньскіх, толькі даволі вялікая чарга з фур у правых палосах.
На гарачай лініі Дзяржпамежкамітэта, куды нашая журналістка патэлефанавала як звычайная беларуска, расказалі, што кантроль сапраўды знялі.
— Падкажыце, калі ласка, тут у чаце мяжы пішуць, што прыбралі памежныя пункты, калі ехаць з Расіі ў Беларусь. Гэта так, не будзе больш кантролю?
— Не магу вам сказаць, будзе ці не будзе. На сённяшні дзень пакуль знялі. А заўтра, можа, паставяць.
— А чаму раптам вырашылі прыбраць?
— Усё ў нас залежыць ад распараджэння ўрада Рэспублікі Беларусь. Будзе распараджэнне — будзем неяк вырашаць, што нам рабіць. Мы не самі прымаем рашэнне. Ёсць у нас прэзідэнт, урад, і яны прымаюць рашэнне.
— Скажыце, а прыбралі памежны кантроль на ўсіх трасах? Каб разумець, дзе лепш праехаць.
— Усюды можаце ехаць. З нашага боку чэргаў ніколі не было, чэргі заўсёды былі на расійскім баку.
— Ну то-бок памежны кантроль усюды знялі?
— Можаце ехаць.
Нагадаем, у пачатку траўня Беларусь увяла свайго роду памежны кантроль на ўсіх уездах з Расіі. У ДПК тады казалі, што гэта часовая мера, звязаная з працэсам ратыфікацыі пагаднення пра ўзаемнае прызнанне віз з Расіяй. А ў МЗС гэта называлі «не кантролем, а маніторынгам сітуацыі». Ужо ў першыя дні на мяжы сталі збірацца чэргі. У канцы траўня Расія ратыфікавала згаданае пагадненне, але кантроль застаўся.
Чытайце таксама