У Беларусі пачалася ліквідацыя кампаніі «Арыфлэйм Касметыкс» — «дочкі» шведскага брэнда Oriflame. Пры гэтым сайты фірмы ўжо недаступныя, а па тэлефонных нумарах у мінскі офіс немагчыма датэлефанавацца — паведамляецца, што яны несапраўдныя. Як расказаў журналісту «Люстэрка» адзін з кансультантаў, які прадаваў касметыку Oriflame, беларусы ўжо не могуць замовіць тавары праз «Арыфлэйм Касметыкс», толькі калі праз Расію, але і з гэтай схемай ёсць цяжкасці.
Пра сыход з Беларусі кампанія Oriflame публічна не абвяшчала. Як заўважыла «Люстэрка», у жніўні 2024-га ў дзяржрэестры платнікаў ад Міністэрства па падатках і зборах з’явіўся запіс, што Oriflame пачала ліквідацыю сваёй юрыдычнай асобы ў Беларусі — фірмы «Арыфлэйм Касметыкс».
Сайты фірмы недаступныя, як і тэлефоны ў мінскім офісе. Даслаць электронныя лісты таксама не ўдалося, яны вярнуліся з пазнакай, што не могуць быць дастаўленыя адрасату. Адзін з кансультантаў, які прадаваў тавары Oriflame, растлумачыў журналісту «Люстэрка» як патэнцыйнаму пакупніку, што купіць тавар праз «Арыфлэйм Касметыкс» ужо не атрымаецца. Адзін з варыянтаў — паспрабаваць аформіць замову праз індывідуальных агентаў, якія спрабуюць закупіцца праз Расію. Але кансультант папярэдзіў, што і пры гэтым варыянце могуць быць непрыемныя сюрпрызы — скрынкі могуць прыйсці пустымі, без аформленага тавару.
Ліквідацыі кампаніі папярэднічала тое, што летам 2023-га беларускі ўрад унёс «Арыфлэйм Касметыкс» у пералік кампаній, продаж якіх дапушчальны толькі з дазволу ўладаў. Пры гэтым сярод акцыянераў фірмы былі «Арыфлэйм Касметыкс АГ» (Нідэрланды) і «Арыфлэйм Холдынгс Б.В.» (Швейцарыя).
Пры гэтым у сярэдзіне 2022 года шведы разам з дзвюма іншымі вядомымі кампаніямі прамых продажаў (Herbalife Nutrition і Mary Kay) стварылі Асацыяцыю прамых продажаў у Беларусі. Як было агучана, новае аб’яднанне мусіла надаць дадатковы імпульс індустрыі прамых продажаў у краіне і забяспечыць эфектыўныя ўмовы для забяспечання этычных стандартаў вядзення бізнесу.
Як развіваўся бізнес Oriflame у Беларусі
На беларускім рынку афіцыйна Oriflame Cosmetics з’явілася ў 2000-х. У 2004 годзе была зарэгістраваная мясцовая юрыдычная асоба шведскага холдынгу — «Арыфлэйм Касметык». Росквіт гэтага бізнесу ў Беларусі і на постсавецкай прасторы прыпаў на канец 2000-х — пачатак 2010-х, калі па рынкавай долі Oriflame супернічала з Procter&Gamble, L’Оreal і іншымі касметычнымі гігантамі.
З сярэдзіны 2010-х доля Oriflame у краінах былога СССР пачала скарачацца. У 2021 годзе самае буйное падраздзяленне брэнда ў рэгіёне — у Расіі — атрымала страту. У 2022-м расійская Oriflame выправіла сітуацыю, але летась зноў паказала мінус — гэтым разам больш чым на 5 млн даляраў.
Праз месяц пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну шведы заявілі пра немагчымасць працягваць бізнес у Расіі. Цягам 2022−2023 гадоў кампанія спыніла экспарт сваёй прадукцыі і інвестыцыі ў маркетынг, навучанне і правядзенне мерапрыемстваў. У пачатку 2023 года Oriflame прадала групе «Арнест» за 28 млн еўра свой адзіны мясцовы завод. На ім у Ногінскім раёне выпускаліся шампуні, гелі для душа, дэзадаранты, губная памада і іншае.
Чым вядомая Oriflame
Oriflame Cosmetics была створаная братамі Робертам і Ёнасам аф Ёкнікамі ў 1967 годзе. Паспяховы праект стаў іх галоўнай крыніцай назапашвання капіталу, які яны потым уклалі ў дзясяткі іншых галін. Да 1996 года Oriflame Cosmetics працавала як і большасць кампаній у гэтай галіне, вырабляючы касметыку і рэалізуючы яе праз аптавікоў. Але браты вырашылі памяняць стратэгію і, выключыўшы пасярэднікаў, пераарыентавалі бізнес на прамыя продажы. Яны вядуцца праз агентаў, якія выкупляюць у кампаніі прадукцыю, а потым прадаюць іх наўпрост (анлайн ці афлайн).
Тавары рэалізуюцца за межамі стандартных пунктаў збыту. Звычайна ў зручным для кліента месцы — дома, у офісе, у кавярні, анлайн і гэтак далей. Oriflame Cosmetics стала адным з лідараў у сегменце прамых продажаў. Яе асноўнымі канкурэнтамі тут застаюцца амерыканская Amway, цяпер бразільская па матчынай кампаніі Avon і расійская Faberlic.
Асартымент прадукцыі Oriflame, якая распрацоўваецца ва ўласным цэнтры і вырабляецца на ўласных заводах у Польшчы, Кітаі і Індыі, складае каля 1000 найменняў. Прадукцыю брэнда прадаюць больш за 3 млн агентаў-кансультантаў, якія працуюць за працэнт, прыкладна ў 60 краінах. Адной з іх да гэтага года была Беларусь.
Які яшчэ бізнес раней згарнулі шведы ў Беларусі
У лютым 2023 года асноўныя ўладальнікі медыцынскага холдынгу Medicover закрылі ўгоду па продажы найбуйнейшай у краіне сеткі лабараторных пунктаў «Сінэва». Гэта таксама бізнес спадчыннікаў Ёнаса аф Ёкніка і брата апошняга Роберта аф Ёкніка. Ён існаваў у Беларусі з 2009 года, уключаў 58 пунктаў у 23 гарадах Беларусі і цэнтральную лабараторыю ў Мінску. Іх новым уладальнікам стала расійская кампанія Helix. За беларускую сетку і нерухомасць, якая належала ёй, яна заплаціла 14,6 млн еўра.
Чытайце таксама