Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аж да 2020 года пытанне люстрацыі сярод беларусаў шырока амаль не абмяркоўвалася, а сама такая палітыка ў многіх асацыявалася з «паляваннем на ведзьмаў». Нават пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў пра яе гаварылі вельмі асцярожна. Але масавыя рэпрэсіі, якія развярнуліся потым, падобна, не пакідаюць дэмакратычнаму руху асаблівага выбару: у выпадку змены ўлады ў Беларусі напэўна будзе мноства прыхільнікаў гэтай меры. Расказваем, што такое люстрацыя, як яна рэалізоўвалася ў краінах Цэнтральнай Еўропы і як да яе ў розныя перыяды ставіліся беларусы.

За люстрацыю — толькі БНФ

Лацінскае слова lustratio значыла «ачышчэнне з дапамогай ахвярапрынашэння» (такі абрад праводзіўся ў Старажытным Рыме пасля перапісаў насельніцтва). Цяпер пад гэтым словам маюцца на ўвазе заканадаўчыя абмежаванні, якія ўводзяць для прадстаўнікоў былой дзяржаўнай эліты. Рэалізацыя гэтай палітыкі на практыцы — далёка не новая з’ява. Так рабілі бальшавікі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, краіны-пераможцы, якія акупавалі Германію пасля краху Трэцяга Рэйха, французы пасля вызвалення краіны ад нацысцкай акупацыі. Люстрацыя праходзіла ў многіх краінах Лацінскай Амерыкі і Еўропы пасля падзення мясцовых аўтарытарных рэжымаў.

Як адзначае навуковец Аляксандр Ларын, аргументы ў падтрымку люстрацыі, як правіла, датычаць трох аспектаў: «Па-першае, хуткая і рашучая „чыстка“ дзяржаўнага апарату разглядаецца як умова выжывання маладой дэмакратыі і абароны новага ладу ад магчымых дэстабілізацыйных дзеянняў старой наменклатуры. Па-другое, вельмі важным для новага рэжыму ёсць аднаўленне сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, поўная рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, што немагчыма без прыцягнення да адказнасці вінаватых. Нарэшце, новы ўрад мае вострую патрэбу ў падтрымцы выбаршчыкаў. Няздольнасць пакараць злачынствы, учыненыя ранейшым рэжымам, можа стаць прычынай недаверу і цынізму ў грамадстве».

Зенон Позняк и Александр Лукашенко на митинге в Могилеве. 1990 год. Фото: facebook.com/siarhiej.navumchyk
Зянон Пазняк (у цэнтры) і Аляксандр Лукашэнка (на заднім плане) на мітынгу ў Магілёве, 1990 год. Фота: facebook.com/siarhiej.navumchyk

У Беларусі і Расіі (гэта важна, бо суседняя краіна надзвычай моцна ўплывае на нас) ніякай люстрацыі пасля 1991 года не было, ды і быць не магло, бо ва ўладзе па сутнасці засталася камуністычная эліта. Першым прэзідэнтам Расіі стаў экс-першы сакратар Маскоўскага гаркама кампартыі, экс-кандыдат у чальцы Палітбюро Барыс Ельцын, яго шматгадовым прэм’ерам быў былы чалец ЦК КПСС Віктар Чарнамырдзін, другім прэзідэнтам стаў палкоўнік КДБ СССР Уладзімір Пуцін — прыкладаў можна прывесці мноства.

Адзіным заканадаўчым дакументам, ускосна звязаным з люстрацыяй, стаў закон «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій», прыняты ў Расіі ў кастрычніку 1991 года. Ён прадугледжваў магчымасць публікацыі ў прэсе звестак пра супрацоўнікаў органаў савецкіх спецслужбаў, пракуратуры, судоў, чальцоў розных камісій, «асаблівых нарадаў», «двоек», «троек», работнікаў іншых органаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях і былі прызнаныя вінаватымі. Але гэты закон быў звязаны толькі са сталінскай эпохай, а не з савецкім перыядам у цэлым. Спробы дэмакратычных палітыкаў (напрыклад, Галіны Старавойтавай, забітай у 1998 годзе ў нявысветленых абставінах) правесці ў РФ люстрацыю заканчваліся нічым.

Галина Старовойтова. Фото: Duma.gov.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Галіна Старавойтава. Фота: Duma.gov.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Што да Беларусі, то ў нас ніякай люстрацыі таксама не праводзілася. У першыя гады незалежнасці ва ўладзе застаўся наменклатурны парламент і Савет Міністраў БССР, абраны і сфармаваны яшчэ за Саюзам. Пра неабходнасць люстрацыі гаварылі толькі прадстаўнікі Беларускага народнага фронту. Але гэтыя словы не сустракалі падтрымкі.

«У сваіх публікацыях апошняга часу [лідар БНФ Зянон Пазняк] мог бы не выказвацца пра пляны БНФ наконт люстрацыі — недапушчэньня былых камуністычных функцыянэраў да кіраўнічых пасадаў. Але ён не хацеў нічога ўтойваць і нікога ашукваць: ні ўласны электарат, ні тых самых функцыянэраў, і адкрыта выклаў усе свае карты. Вядома, тое было даволі рызыкоўна ў наскрозь камунізаваным грамадзтве, дзе гэткае мноства падлягае пад тую самую люстрацыю», — гаварыў у інтэрв'ю 1994 года класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў (яго словы прыводзіў у сваёй кнізе «Дзевяноста чацвёрты» Сяргей Навумчык).

Да ідэяў Пазняка не прыслухаліся. Як здаецца з дыстанцыі амаль у 30 гадоў — дарма. Бо пасля перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнкі ідэя люстрацыі была канчаткова пахаваная. Ва ўладзе шмат дзе засталася камуністычная наменклатура, якая кіравала і ў часы БССР. Напрыклад, Палату прадстаўнікоў (ніжнюю палату беларускага парламента) вось ужо шмат гадоў узначальвае Уладзімір Андрэйчанка, у другой палове 1980-х — першы сакратар Верхнядзвінскага райкама кампартыі. Але самае галоўнае: савецкія ідэі засталіся на парадку дня, савецкая рэпрэсіўная спадчына не была асуджаная, таму пры спрыяльнай для ўладаў магчымасці адбылося вяртанне ў мінулае.

Кейс Леха Валэнсы

Адзін з найбольш паслядоўных прыкладаў барацьбы з аўтарытарнай спадчынай меў месца ў былой Усходняй Германіі. Адным з аспектаў люстрацыі там стаў пошук людзей, адказных за гібель немцаў, якія спрабавалі збегчы ў ФРГ: усяго ў забойствах людзей каля Берлінскай сцяны або суўдзеле ў гэтым абвінавачвалі больш за 275 чалавек. Большая частка з іх атрымала ўмоўныя тэрміны, але асобныя прадстаўнікі найвышэйшага кіраўніцтва краіны адседзелі ў турме.

Але ёсць два нюансы. Дыктатура Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі так і не была асуджаная. З іншага боку, ніхто з яе найвышэйшых кіраўнікоў ужо не зрабіў сур’ёзнай кар’еры ў адзінай краіне. А ў некаторых федэральных землях людзі, звязаныя са спецслужбамі ГДР, не маглі прэтэндаваць на пасаду мэра. Важна і тое, што аб’яднанне Германіі ўсё ж ажыццяўлялася на аснове заканадаўства і каштоўнасных падыходаў заходняй, «капіталістычнай», ФРГ. Таму для нас нашмат важнейшыя прыклады краін, якія самастойна вырашалі пытанні свайго мінулага пасля падзення дыктатураў.

Адзін з такіх прыкладаў — Польшча, якая стала адным з узораў дастаткова масавага, але пры гэтым непаслядоўнага правядзення люстрацыі. Як адзначалі ў сваім сумесным праекце «Медиазона» і Deutsche Welle, ужо ў 1992 годзе польскі Сейм абавязаў міністра ўнутраных справаў падаць у парламент архіўную інфармацыю пра дзяржслужбоўцаў (на ўзроўні ўрадаў рэгіёнаў), сенатараў і дэпутатаў Сейма, а таксама суддзяў, пракурораў і адвакатаў, якія ў часы сацыялістычнай Польшчы былі інфарматарамі спецслужбаў альбо супрацоўнічалі з імі ў любым іншым выглядзе.

Гэтая аператыўнасць шмат у чым тлумачылася жорсткімі дзеяннямі сілавікоў у сямідзясятыя і васьмідзясятыя, калі яны змагаліся з пратэсным рухам і прафсаюзам «Салідарнасць», а таксама ўдзельнічалі ва ўвядзенні ваеннага становішча ў 1981-м. Тады ў Польшчы ад дзеянняў сілавікоў загінулі як мінімум дзясяткі людзей.

Гданьская суднаверф — месца зараджэння прафсаюза «Салідарнасць». Фота: «Люстэрка»

У выніку ў СМІ трапіў так званы спіс Мацярэвіча (па прозвішчы тагачаснага кіраўніка МУС), у якім згадваліся прозвішчы адказных за рэпрэсіі ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Гэты дакумент справакаваў палітычны крызіс і адстаўку ўрада. Выявілася, што многія вядомыя палітыкі з прафсаюза «Салідарнасць», які змагаўся з камуністычнымі ўладамі, нібыта аж да падзення рэжыму супрацоўнічалі са спецслужбамі. Але спіс быў толькі пералікам імёнаў без канкрэтных дэталяў. Таму неўзабаве Канстытуцыйны суд забараніў прымаць любыя пастановы на яго аснове.

Потым да ўлады ў Польшчы — на ўзроўні парламента і ўрада — прыйшлі былыя камуністы, якія ўхіляліся ад разгляду пытання люстрацыі. У выніку адпаведны закон прынялі толькі ў 1997-м. Ён закрануў прэзідэнта краіны, дэпутатаў, найвышэйшых чыноўнікаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі, прафесараў ВНУ, кіраўніцтва дзяржСМІ на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях і работнікаў іншых сфер.

Паводле гэтага закона, любы кандыдат на дзяржаўную пасаду, які нарадзіўся раней за 11 траўня 1972 года (то-бок дасягнуў паўнагоддзя яшчэ ў камуністычнай Польшчы), мусіў падаваць у спецыяльны люстрацыйны суд у Варшаве дэкларацыю з інфармацыяй пра сваё супрацоўніцтва з органамі дзяржбяспекі ў 1944−1990 гадах. Калі ў дэкларацыю ўключаліся недакладныя звесткі, чалавек страчваў права на працу ў дзяржсектары на наступныя дзесяць гадоў. Калі ж кандыдат добраахвотна прызнаваўся ў супрацоўніцтве, то юрыдычных наступстваў не было, акрамя публікацыі звестак у дзяржаўнай газеце. Да 1999 года праз працэдуру прайшло каля 23 тысяч чалавек. Паводле розных ацэнак, каля 2% усіх дэкларацый былі прызнальнымі — хоць дакладная статыстыка так і не была апублікаваная.

У 2006-м заканадаўства зрабілі больш жорсткім. Гэта адбылося з ініцыятывы партыі «Права і Справядлівасць» братоў Леха і Яраслава Качыньскіх, якія прыйшлі да ўлады. Раней падазраваныя ў супрацоўніцтве са спецслужбамі маглі разлічваць на апраўдальны прысуд (у выпадку, калі існаваў закон, які абавязваў іх кантактаваць з дзяржбяспекай), цяпер гэтае становішча адмянілі. Акрамя таго, прайсці люстрацыю другі раз прымусілі ўсіх людзей, якія падпадалі пад дзеянне ранейшага закона.

Гэты закон дзейнічае ў Польшчы дагэтуль, хоць статыстыка па ім не публікуецца. А вось спробы распаўсюдзіць дзеянне дакумента на журналістаў прыватных СМІ, усіх супрацоўнікаў універсітэтаў, трэнераў у прафесійным спорце і іншыя сферы пацярпелі няўдачу і не былі рэалізаваныя.

Польскі досвед выявіў некалькі праблем, якія ўзнікаюць падчас правядзення люстрацыі. Адна з іх — вельмі вузкая грань паміж фальсіфікацыяй матэрыялаў пра супрацоўніцтва з дзяржбяспекай, згодай чалавека на кантакты са спецслужбамі дзеля галачкі і рэальнай працай на сілавікоў. Найбольш вядомым прыкладам стаў «кейс Леха Валэнсы» — лідара прафсаюза «Салідарнасць», які стаў першым прэзідэнтам Польшчы.

 

Яшчэ ў дзевяностыя гады абмяркоўвалася яго магчымае супрацоўніцтва са спецслужбамі. Але Валэнса катэгарычна абвяргаў такую магчымасць. Кропку ў шматгадовых дыскусіях паставілі падзеі 2016-га: у Марыі Кішчак, жонкі памерлага за год да гэтага экс-кіраўніка МУС Польскай Народнай Рэспублікі, знайшлі дакументы, якія тэарэтычна даказваюць супрацоўніцтва лідара «Салідарнасці» са спецслужбамі. Гаворка ішла пра спецыяльныя справаздачы і даносы экс-прэзідэнта краіны, якія ён рыхтаваў пад псеўданімам Болек, а таксама распіска пра атрыманне ім за гэта грошай. У студзені наступнага, 2017-га, экспертыза пацвердзіла, што дакументы былі сапраўднымі, а значыць, Валэнса супрацоўнічаў з дзяржбяспекай.

Гісторыкі так і не змаглі знайсці пацверджанняў таго, што дзеянні першага прэзідэнта неяк нашкодзілі польскаму вызваленчаму руху. Цяпер складана сказаць, выдаў ці ён каго-небудзь. Мабыць, можна казаць пра памылкі маладосці альбо пра ціск з боку спецслужбаў. Але пытанні і здзіўленне выклікала зацятасць, з якім Валэнса адмаўляў гэтую інфармацыю і свядома хлусіў у дзевяностыя і нулявыя гады.

Люстрацыя пасля аксамітнай рэвалюцыі

У Чэхаславакіі канец сацыялістычнай эпохі адзначыла аксамітная рэвалюцыя. У лістападзе 1989 года на масавыя дэманстрацыі ў Празе выйшла амаль чвэрць мільёна чалавек. Ужо ў канцы снежня прэзідэнтам краіны быў абраны дысідэнт Вацлаў Гавал.

У 1991 годзе ў краіне прынялі Закон аб супрацьпраўнасці камуністычнага рэжыму. Пад яго падпадалі дзяржслужбоўцы (у тым ліку прэзідэнт і дэпутаты парламента), высокапастаўленыя афіцэры арміі і паліцыі, супрацоўнікі дзяржаўных медыя і менеджмент кампаній, у якіх дзяржава валодала кантрольным пакетам акцый або якія гандлявалі зброяй. Як адзначалі ў сваім сумесным праекце «Медиазона» і Deutsche Welle, людзі, якія ўжо займалі гэтыя пасады або хацелі іх заняць, мусілі падаць два дакументы: люстрацыйны сертыфікат (архіўную выпіску з асабістай справы) і пісьмовую заяву пад прысягай.

Калі факты сведчылі пра супрацоўніцтва з камуністычнымі ўладамі, чалавек не мог прэтэндаваць на пасаду або мусіў яе пакінуць. За недакладную інфармацыю прадугледжвалася крымінальнае пакаранне (да чатырох гадоў пазбаўлення волі). Пры гэтым працэс праходзіў закрыта: публікацыя сертыфікатаў не дазвалялася без пісьмовага дазволу люстраванага, а незаконная публікацыя каралася зняволеннем да трох гадоў.

Кандидат в президенты Вацлав Гавел машет своим сторонникам с балкона в Праге, 19 декабря 1989. Фото: Reuters
Кандыдат у прэзідэнты Вацлаў Гавал махае сваім прыхільнікам з балкона ў Празе, 19 снежня 1989. Фота: Reuters

Пасля мірнага «разводу», калі краіна падзялілася на Чэхію і Славакію, сітуацыя ў іх развівалася па-рознаму. У другой з іх ад люстрацыі адмовіліся цалкам: да ўлады там прыйшлі экс-камуністы. У Чэхіі ж дзеянне закона стала бестэрміновым. Па стане на 2009 год агульная колькасць выдадзеных люстрацыйных сертыфікатаў дасягнула паўмільёна, каля 2% з іх пацвярджалі супрацоўніцтва з камуністычным рэжымам (то-бок гаворка ішла не больш чым пра 10 тысяч чалавек), хоць да гэтых лічбаў ёсць пытанні. Раней жа, у пачатку 1990-х, у выніку люстрацыі ўлады звольнілі прыкладна траціну суддзяў краіны і больш за 63% пракурораў.

Тады ж, у пачатку 1990-х, Мінабароны і МУС паспрабавалі захаваць сакрэтнасць звестак пра некаторых асобаў, апелюючы да мэтаў нацыянальнай бяспекі. Але Канстытуцыйны суд краіны адмовіўся ісці ім насустрач. На думку суда, такі падыход быў парушэннем прынцыпу роўнасці правоў чалавека.

У сувязі з чэхаславацкім, а затым і чэшскім досведам звернем увагу на адну з цяжкасцяў люстрацыі, з якой напэўна давядзецца сутыкнуцца беларусам. Пра яе піша навуковец Аляксандр Ларын. Паводле яго словаў, «люстрацыйныя законы фактычна ўскладаюць адказнасць за дзеянні, якія на момант іх здзяйснення не былі супрацьпраўнымі, а нярэдка нават заахвочваліся дзяржавай. Забарона зваротнай сілы закона і прынцып nulla poena sine lege („няма пакарання без закона“. — Заўв. рэд.) прадугледжаныя канстытуцыямі большасці дзяржаваў, якія прынялі законы аб люстрацыі». Згодна з гэтым прынцыпам, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у правапарушэнні, калі на той момант паводле ўнутрыдзяржаўнага або міжнароднага права дзеянне такім не лічылася.

Як адзначаў Ларын, канстытуцыйныя суды Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славеніі і Славакіі неаднаразова фіксавалі парушэнне гэтага прынцыпу. Натуральна, гэта не стане праблемай для люстравання беларускіх суддзяў або сілавікоў, якія відавочна парушалі нават законы, якія дзейнічалі на той момант. Але можа стаць перашкодай пры жаданні распаўсюдзіць адказнасць на большую колькасць людзей.

Неправедзеная люстрацыя — шлях да аўтарытарызму

Прыкладам таго, як не правялі люстрацыю (дакладней, правялі са шматлікімі агаворкамі і абмежаваннямі), можна разглядаць Венгрыю.

У сацыялістычным лагеры гэтая краіна была, магчыма, самай дэмакратычнай і адкрытай. За адносную (у параўнанні з іншымі сацкраінамі) заможнасць венграў рэжым Янаша Кадара празвалі «гуляшным камунізмам», за максімальныя для «народнай дэмакратыі» свабоды — «самым вясёлым баракам сацлагера». Пераход Венгрыі ад рэжыму «народнай дэмакратыі» (так называлі прасавецкія рэжымы Усходняй Еўропы) да дэмакратыі сапраўднай стаў, здаецца, самым плаўным і бязбольным сярод усіх краін — сатэлітаў СССР.

Премьер-министр Венгрии Виктор Орбан, 3 апреля 2022 года, Будапешт, Венгрия. Фото: Reuters
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, 3 красавіка 2022 года, Будапешт, Венгрыя. Фота: Reuters

Магчыма, таму сярод грамадзян Венгрыі не было такога запыту на люстрацыю, як у Польшчы і Чэхіі. Адпаведны закон у гэтай краіне прынялі толькі ў 1994 годзе. Але практычна адразу ж пасля гэтага Канстытуцыйны суд прызнаў яго не адпаведным міжнародным дамовам. Пасля доўгіх перамоваў і дыскусій было вырашана, што разгляд матэрыялаў пра факты супрацоўніцтва са спецслужбамі магчымы толькі ў дачыненні да вузкага кола асобаў, якія займаюць або якія прэтэндуюць на высокія дзяржаўныя пасады. Гэта прэзідэнт, дэпутаты парламента і суддзі. Калі камітэт у складзе трох суддзяў знаходзіў пацверджанні супрацоўніцтва з камуністычным рэжымам, чыноўнік мусіў падаць у адстаўку цягам 30 дзён. Калі той адмаўляўся, камітэт апублічваў наяўныя матэрыялы — друкаваў інфармацыю ў адной з газет. Ніякіх іншых наступстваў не было.

Колькі чалавек прайшло праз такую праверку, невядома: ніякія спісы (у тым ліку звольненых) у СМІ не пратачыліся. У 2005-м дзеянне закона спынілася. Галоўнае было зроблена: ранейшая эліта засталася ва ўладзе, а грамадства ставілася да гэтага лаяльна. Як адзначалі ў сваім сумесным праекце «Медиазона» і Deutsche Welle, «сумнеўнае мінулае не перашкаджае выйграць выбары і заняць пасаду прэм’ер-міністра краіны ні Дзьюле Хорну (1994−1998), ні Петэру Медзьешы (2002−2004). Хорн у 1956−57 гадах быў удзельнікам пракамуністычных парамілітарысцкіх аб’яднанняў (karhatalmista), якія праводзілі гвалтоўныя акцыі супраць удзельнікаў пратэстаў. Медзьешы ж, паводле ўласнага прызнання, працаваў у контрразведцы». Дадамо, што дырэктарам Службы нацбяспекі Венгрыі ў нулявыя гады быў Шандар Лабарч, выпускнік Вышэйшай школы КДБ у Маскве.

У выніку ў Еўрапейскім саюзе Венгрыя аказалася, мабыць, самай аўтарытарнай краінай. Дзяржава ў асобе шматгадовага прэм’ера Віктара Орбана (займаў гэтую пасаду ў 1998−2002 гадах, а з 2010-га вярнуўся ва ўладу) змяніла Канстытуцыю краіны. У ёй у прыватнасці асобна прапісанае вызначэнне сям'і як саюза мужчыны і жанчыны, апазіцыя ж лічыць, што дакумент парушае дэмакратычныя свабоды. За гады кіравання Орбан не раз паказваў імкненне абмежаваць свабоду прэсы — да прыкладу, пры ім была практычна знішчаная медыяімперыя яго былога сябра і паплечніка, а цяпер праціўніка, венгерскага прэм’ера Лаяша Шымічкі.

Апошнім часам Венгрыя блакуе прыняцце ЕС новых пакетаў санкцый супраць Расіі, якая ваюе, і яе прадстаўнікоў, многія мясцовыя палітыкі лічаць, што РФ не пагражае цывілізаванаму свету, і заяўляюць, што гэта «не нашая вайна».

Люстрацыя ў Беларусі — рэальная ці не

Ці будзе праведзеная люстрацыя ў Беларусі? Відавочна, што гэта стане адным з цэнтральных пытанняў, якія будуць стаяць перад грамадствам у выпадку змены ўлады ў нашай краіне.

Скриншот: «Беларусь 1»
Удзельнікі Усебеларускага народнага сходу, люты 2021 года. Скрыншот: «Беларусь 1»

«Мы цяпер пашыраем гэты кабінет, каб ахапіць кожную сферу дзейнасці, каб пасля перамоваў была мяккая арганізацыя новых выбараў, без павальных люстрацый», — казала ў снежні 2020 года Святлана Ціханоўская.

«Гэта не значыць, што не будзе ніякага пакарання вінаватых — тыя, хто гвалціў на Акрэсціна, будуць абавязкова пакараныя. Але тыя, хто не ўдзельнічаў наўпрост у злачынствах — яны маюць шанец сысці ад гэтай адказнасці. І ўсе тыя, хто цяпер працуе на рэжым, але не бярэ ўдзелу ў злачынствах, не павінныя падвяргацца люстрацыі аўтаматычна, гэта шкодны працэс, гэта не дапаможа Беларусі. І я думаю, што нашая мэта ў тым, каб на гэтым сканцэнтравацца — дапамагаць людзям унутры сістэмы яе змяняць», — адзначаў у сакавіку 2021 года яе дарадца Франак Вячорка.

У 2022-м Ціханоўская падкрэслівала, што большасць дзяржслужбоўцаў, якія сумленна выконваюць сваю працу, мусіць працягваць гэта рабіць, а вось «справамі тых, хто здзяйсняў злачынствы, будуць разбірацца праваахоўныя органы і суд».

Але падзеі апошніх трох гадоў робяць суўдзельнікамі злачынстваў усё большую колькасць людзей. Гэта робіць люстрацыю як мінімум у судах і частцы праваахоўных структур практычна непазбежнай у выпадку змены ўлады. Бо ў адваротным выпадку трэба прызнаць законнасць і правамернасць іх дзеянняў, што наўпрост супярэчыць ідэалам дэмакратычных сіл. Важна разумець, што асудзіць усіх сілавікоў не змаглі нават пасля краху нацысцкай Германіі.

Але ў цэлым у не згоднай з уладамі часткі грамадства існуе адкрыты запыт на люстрацыю. Гэта лагічна, бо найбольш рашучыя формы гэтая з’ява прыняла ў краінах, дзе актыўна супраціўляліся таталітарызму або аўтарытарызму. За савецкім часам такога масавага супраціву ў Беларусі не было. А таму ў грамадстве не было разумення ў неабходнасці люстрацыі. Будучая ж змена ўлады ў Беларусі — калі яна адбудзецца, іншае пытанне — будзе амаль адназначна выпакутаванай.

А яшчэ досвед еўрапейскіх краін, дзе люстрацыя не была праведзеная або праведзеная вельмі абмежавана (Венгрыя, Балгарыя, Румынія і іншыя, не кажучы ўжо пра Беларусь і Расію), паказвае, што яны развіваліся значна павольней, чым тыя, хто здолеў рэалізаваць гэтую палітыку (напрыклад, Польшча і Чэхія). Таму поспех люстрацыі ў Беларусі шмат у чым паўплывае на будучае развіццё нашай краіны.