Увага грамадства да смерці Уладзіміра Макея змусіла нас задацца пытаннем: а як гэта наогул — быць міністрам замежных справаў дзяржавы, якой кіруе аўтакрат? Гісторыя паказвае, што цяжкая праца па міжнароднай легітымізацыі такіх рэжымаў далёка не заўсёды бывае ўдзячнай. Мы падабралі тры тыповыя гісторыі кіраўнікоў МЗС нацысцкай Германіі, Лівіі і Ірака. На іх прыкладзе раскажам, як гэтыя людзі апраўдвалі сваіх кіраўнікоў, які выбар зрабілі, калі рэжыму прыходзіў канец, і як гэта адбілася на іх жыцці.
Яахім фон Рыбентроп: павешаны міністр Гітлера

Ульрых Фрыдрых Вілі Яахім фон Рыбентроп нарадзіўся ў сям'і кадравага нямецкага афіцэра. Займаючыся продажам віна, ён завязаў шырокія знаёмствы ў Еўропе — і менавіта як бізнесовец з замежнымі сувязямі быў прадстаўлены Адольфу Гітлеру. Не карыстаючыся вялікай папулярнасцю ў нацысцкай партыі, Рыбентроп здолеў здабыць давер фюрэра і з 1933 года стаў яго галоўным дарадцам па замежнапалітычных справах. У 1936 годзе Рыбентроп быў прызначаны паслом у Вялікабрытанію, а ў 1938 годзе стаў міністрам замежных справаў нацысцкай Германіі.
Ён заключыў Антыкамінтэрнаўскі пакт з Японіяй у 1936 годзе і Сталёвы пакт з Італіяй у 1939 годзе. Гэтыя саюзы зрабіліся падмуркам Восі — агрэсіўнага фашысцкага блока, які развязаў Другую сусветную вайну. Але, мабыць, найвялікшай дыпламатычнай перамогай Рыбентропа стала заключэнне савецка-германскага пакта аб ненападзенні ў жніўні 1939 года, які дазволіў Гітлеру падзяліць са Сталіным Усходнюю Еўропу і адкрыў дарогу да нападу на Польшчу.
У верасні 1940 года Рыбентроп скончыў афармленне Восі, падпісаўшы Траісты пакт з Японіяй і Італіяй, які прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў выпадку ўступлення ў вайну ЗША. Па меры разрастання баявых дзеянняў дыпламатыя адыходзіла на другі план, і значэнне Міністэрства замежных справаў у Рэйху няўхільна зніжалася. Рыбентроп захоўваў пазіцыі дзякуючы падтрымцы Гітлера, але і яна знікла пасля таго як некаторыя супрацоўнікі МЗС аказаліся замяшаныя ў змову з мэтай забойства дыктатара.
Рыбентроп быў схоплены саюзнікамі ў Гамбургу ў чэрвені 1945 года. Ён паўстаў перад міжнародным ваенным трыбуналам у Нюрнбергу і быў прызнаны вінаватым па чатырох раздзелах абвінаваўчага заключэння, што ўключала злачынствы супраць міру, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці. Нацысцкі міністр быў асуджаны на смяротнае пакаранне праз павешанне. 16 кастрычніка 1946 года ва ўзросце 53 гадоў Рыбентроп быў пакараны старшым сяржантам арміі ЗША Джонам Вудзам.
Муса Куса: збеглы міністр Муамара Кадафі

Муса Мухамад Эль-Хадж Немр Куса быў адной з самых уплывовых фігураў лівійскага рэжыму Муамара Кадафі і ўваходзіў у найбліжэйшае асяроддзе дыктатара. Да таго як стаць міністрам замежных справаў у 2009 годзе, ён займаў некалькі высокіх пасадаў — у прыватнасці, у 1994−2009 гадах узначальваў лівійскую разведку. У 1992−1994 гадах быў намеснікам міністра замежных справаў, а да гэтага, у 1984−1992 гадах, узначальваў Лівійскі цэнтр супраціву імперыялізму, расізму, адсталасці і фашызму, вядомы на Захадзе як крыніца фінансавання, навучання і падтрымкі рэвалюцыйных груп у розных краінах свету. Яшчэ раней, у 1980 годзе, Куса быў паслом Лівіі ў Вялікабрытаніі, з якой быў высланы праз тое, што пагражаў забойствам праціўнікам рэжыму, які кіраваў у яго краіне.
За час на чале МЗС Муса Куса запомніўся журналістам як «адвакат» рэжыму Кадафі, які рэтрансляваў асноўныя тэзісы ўрадавай прапаганды — напрыклад, пра намер Захаду ў саюзе з «Аль-Каідай» падзяліць Лівію і скрасці яе нафту.
У лютым 2011 года ў Лівіі пачалася грамадзянская вайна паміж шырокім фронтам праціўнікаў рэжыму Кадафі і яго прыхільнікамі. 28 сакавіка Муса Куса выехаў з лівійскай сталіцы, Трыпалі, у Туніс. Пасля перасячэння мяжы міністр скіраваўся на прыватным самалёце з аэрапорта на востраве Джэрба ў Вялікабрытанію. Урад Лівіі паспрабаваў зрабіць добрую міну, заявіўшы, што міністр адправіўся туды з дыпламатычнай місіяй. Але Муса Куса хутка ўнёс яснасць, сустрэўшыся з прадстаўнікамі брытанскага МЗС. Ён заявіў, што не жадае служыць рэжыму Кадафі і збіраецца сысці ў адстаўку, бо не задаволены тым, што лівійская армія наносіць удары па мірных жыхарах.
Нюх не падвёў Мусу Кусу. Прыхільнікі Кадафі пацярпелі паразу ў вайне, а сам дыктатар, які ўтрымліваў уладу ў Лівіі 42 гады, быў забіты паўсталымі лівійцамі ў кастрычніку 2011-га. Пасля таго як Еўрасаюз зняў з былога міністра санкцыі, Муса Куса пераехаў у Егіпет, дзе і жыве да сёння. Цяпер збегламу міністру 73 гады.
Наджы Сабры: міністр-шпіён Садама Хусэйна

Наджы Сабры Ахмад Аль-Хадзіці быў апошнім міністрам замежных справаў іракскага дыктатара Садама Хусэйна. Ён нарадзіўся ў 1951 годзе, быў прафесарам англійскай літаратуры, працаваў у прэс-службе пасольства Ірака ў Лондане ў 1975−1980 гадах. Затым узначальваў некалькі англамоўных іракскіх часопісаў і газет. Падчас аперацыі «Бура ў пустыні» ў 1991 годзе Сабры быў намеснікам міністра інфармацыі і культуры Ірака, у 1999−2001 гадах — паслом Ірака ў Аўстрыі, а са жніўня 2001 года ўзначальваў іракскае міністэрства замежных справаў.
Перад уварваннем ЗША і іх саюзнікаў у Ірак у 2003 годзе Сабры спрабаваў забяспечыць рэжым Хусэйна падтрымкай з боку Расіі, Кітая, Індыі і нават заклятага ворага Ірака — Ірана. Але распачатая 20 сакавіка вайна ўнесла карэктывы ў гэтую яго дзейнасць. Практычна адразу Наджы Сабры пакінуў Ірак і прыбыў у сталіцу Сірыі Дамаск, адкуль 23 сакавіка перабраўся ў Егіпет. Там ён атрымаў гарантыі бяспекі ад егіпецкага ўрада і адышоў ад справаў. Пры гэтым амерыканцы чамусьці нават не ўключылі Сабры ў спіс найвышэйшых службовых асобаў Ірака, якія знаходзяцца ў вышуку.
Прычына таго, што міністр замежных справаў Хусэйна здолеў пазбегнуць палону і суда, адкрылася ў 2006 годзе. Аказалася, што да пачатку ўварвання Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША праз французскія спецслужбы выйшла на Сабры. Іракскі міністр у абмен на 100 тысяч даляраў перадаў важную інфармацыю пра іракскія праграмы па стварэнні зброі масавага паражэння. Такім чынам апошні міністр замежных справаў рэжыму Садама Хусэйна аказаўся інфарматарам ЦРУ.
Інфармацыі пра тое, чым займаецца Наджы Сабры цяпер, вельмі мала. Калі меркаваць па яго профілі ў сацыяльнай сетцы Linkedin, Сабры пазіцыянуе сябе як спецыяліста па незалежных СМІ і міжнародных адносінах і жыве ў Катары. Цяпер яму 71 год.
Чытайце таксама


