Аперацыя супраць Ізраіля дасягнула сваіх мэтаў, Іран не плануе працягваць яе. Пра гэта заявіў начальнік іранскага Генштаба Махамад Багеры.
Паводле яго, у выніку прадуманай тактыкі і правільнага праектавання ні «Жалезны купал», ні ізраільская супрацьракетная абарона не змаглі істотна супрацьстаяць гэтай аперацыі, заявіў генерал Багеры, дадаўшы, што яна дасягнула сваіх мэтаў.
«Але калі сіянісцкі рэжым (так у Іране называюць кіраўніцтва Ізраіля. — Заўв. рэд.) распачне дзеянні супраць іранскай тэрыторыі або іранскіх цэнтраў у Сірыі ці іншай краіне, нашая наступная аперацыя будзе маштабнейшай», — дадаў генерал Багеры.
Іранскае агенцтва IRNA сцвярджае са спасылкай на ліванскі тэлеканал «Аль-Манар», што авіябаза Невацім на поўдні Ізраіля атрымала сур’ёзныя пашкоджанні і перастала функцыянаваць.
Такім чынам, мяркуючы з заявы Ірана, Тэгеран не плануе поўнамаштабнай вайны.
Між тым спікер ЦАХАЛ Даніэль Хагары паведаміў, што Іран выпусціў у напрамку яго краіны 185 беспілотнікаў, 30 крылатых ракет і 120 балістычных ракет. Атака доўжылася каля пяці гадзін, але, паводле Хагары, 99% ракет і дронаў былі збітыя Ізраілем і яго саюзнікамі. Адным з выключэнняў сталі нязначныя пашкоджанні авіябазы Невацім.
Чытайце таксама