Даследаванне: 80% беларусаў, якія эмігравалі ў блізкае замежжа, гатовыя вярнуцца дадому ў выпадку змене ўлады
18 чэрвеня 2024 у 1718722740
«Зеркало»
80% беларусаў, якія эмігравалі, «збіраюцца вярнуцца ў краіну пры ўмове, што ў ёй зменіцца ўлада», заявіў акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі, прадстаўляючы 17 чэрвеня ў Берліне прамежкавыя вынікі апытання, якое праводзіцца пры падтрымцы праекта VisiBYlity, піша «Позiрк».
Эксперт удакладніў, што ў апытанні ўдзельнічаюць беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве і былі вымушаныя пакінуць радзіму пасля падзей 2020 года, і ўкраінцы - пасля расійскага ўварвання ў 2022-м. Паводле яго словаў, даследаванне працягваецца, пакуль гатовыя толькі «першыя высновы», «папярэднія вынікі пасля апытання 300 рэспандэнтаў, палова з якіх - беларусы». «Таму звесткі нельга лічыць канчатковымі і рэпрэзентатыўнымі», - падкрэсліў Львоўскі.
На прэзентацыі акадэмічны дырэктар BEROC канстатаваў, што ўдзельнікі апытання - як беларусы, так і ўкраінцы - «настроеныя дастаткова песімістычна». На прамое пытанне, ці збіраюцца яны вяртацца ў сваю краіну, толькі 20% рэспандэнтаў - грамадзян абедзвюх дзяржаваў адказала, што гатовыя гэта зрабіць без умоваў (украінцы пры ўмове завяршэння баявых дзеянняў - 40%, завяршэння баявых дзеянняў і змены ўлады ў РФ - 88%).
Паводле Львоўскага, папярэднія вынікі паказалі, што ў першы год жыцця ў новай краіне незадаволеныя сваёй працай 40% мігрантаў, пасля трох гадоў гэтая лічба змяншаецца да 15%.
Даследчыкаў, адзначыў ён, у першую чаргу цікавілі эмігранты «з высокім чалавечым капіталам», але «неканвертавальнай прафесіяй». «Паспяховы адвакат ці юрыст ва Украіне з веданнем крымінальнага права сваёй краіны не будзе вельмі запатрабаваны ў Польшчы ці Літве, - растлумачыў прадстаўнік даследчага цэнтра. - Тое самае можна сказаць пра выкладчыка ў школе ці ўніверсітэце. І некаторыя віды дактароў. Тэрапеўт - канвертавальная прафесія, а нейраанколаг - неканвертавальная ў эміграцыі. Таксама не вельмі канвертавальныя ў эміграцыі псіхолагі і псіхіятры».
Высокі чалавечы капітал, паводле Львоўскага, «не азначае высокай зарплаты»: «Чым вышэйшая была зарплата ў роднай краіне, тым лепш людзі адаптуюцца ў эміграцыі».
«Напрыклад, сярод апытаных з заробкам, ніжэйшым за сярэдні ў "дамашняй краіне", толькі 18% кажа, што іх навыкі спатрэбіліся ў эміграцыі, - адзначыў эксперт. - 19% тых, хто атрымліваў дома сярэдні заробак і нядрэнна ўладкаваўся на новым месцы. 44% тых, хто зарабляў вышэй за сярэдні, прыдаюцца навыкі ў новай краіне. [Зарабляюць] значна вышэй за сярэдні - больш за тры сярэднія заробкі, сярод іх 72% кажа, што іх навыкі прыдаюцца ў новай краіне».
Часцей за ўсё эмігранты з неканвертавальнымі прафесіямі выбіраюць «пачаць усё з нуля» - паспрабаваць перазапусціць кар'еру, прайсці кваліфікацыйныя экзамены, сабраць кліенцкую базу, знайсці працу ў сумежнай індустрыі, якая б не патрабавала перанавучання.
Львоўскі падкрэсліў, што на выбар той ці іншай стратэгіі ў першую чаргу ўплывае «аптымізм што да вяртання на радзіму». «Найбольш аптымістычныя людзі часцей выбіраюць пачаць нейкую працу з нуля. Відавочна, чакаюць, што змогуць вярнуцца і працягнуць кар'еру, а ў новай краіне неяк здабыць на хлеб з маслам - і добра», - растлумачыў ён.
Эмігранты, якія сутыкаюцца з бюракратычнымі перашкодамі, «часцей выбіраюць працу ў сумежнай індустрыі». Чым даўжэй чалавек знаходзіўся ў кар'еры, адзначыў эксперт, тым даўжэй ён імкнецца «захаваць сваю кар'еру і чалавечы капітал».
Каб эмігранты лепш адаптаваліся на новым месцы, даследчык рэкамендаваў краінам іх знаходжання «ствараць цэнтры адаптацыі і пошуку працы для людзей, якія маюць з гэтым цяжкасці».
Праект VisiBYlity, які рэалізуе Інстытут еўрапейскай палітыкі (Германія), пачаўся 1 ліпеня 2023 года і скончыцца 21 чэрвеня 2024-га. Ён закліканы прыцягнуць «большую ўвагу да беларускай дыяспары з боку нямецкай і еўрапейскай грамадскасці».