Лукашэнка ўвёў змены для рэкламнага рынку. Палітык і тут змудрыўся прайсціся па «тэрарыстах» са спіса КДБ
25 студзеня 2024 у 1706196060
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка ўвёў змены што да правядзення рэкламных гульняў. Пра гэта паведамляе прэс-служба палітыка. Сярод іншага ён увёў забарону на выдачу выйгрышаў пераможцам рэкламнай гульні і іх спадчыннікам, якіх уключылі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, што маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Нагадаем, такі спіс у Беларусі вядзе КДБ.
Аляксандр Лукашэнка ўвёў забарону на рэкламу такіх гульняў да апублікавання арганізатарам у друкаваным СМІ правілаў правядзення. Удзельнічаць у рэкламнай гульні будзе забаронена тым, хто займае кіраўнічыя пасады ў арганізацыях, што ўдзельнічаюць у фармаванні прызавога фонду.
Таксама арганізатараў абавяжуць падчас правядзення рэкламнай гульні ў інтэрнэце выкарыстоўваць толькі афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы.
Тэрмін дзяржрэгістрацыі рэкламнай гульні скарацілі з 15 да 10 дзён. Таксама ўвялі спрошчаны парадак правядзення рэкламных гульняў, прызавы фонд якіх не перавышае 40 базавых велічынь (на сёння гэта 1600 рублёў).
Таксама ўдакладнілі патрабаванні да правіл правядзення рэкламнай гульні, справаздачы пра яе, паведамлення ўдзельнікам гульні пра розыгрыш (у выпадку выкарыстання падчас правядзення розыгрышу спіса яе ўдзельнікаў), публікацыі вынікаў, выдачы выйгрышаў.
Як паведамляецца, змены ўводзяць для «абароны правоў удзельнікаў рэкламных гульняў і развіцця такіх гульняў». Таксама чыноўнікі хочуць удасканаліць прававое рэгуляванне рэкламнай сферы з улікам наяўнай практыкі і развіцця інтэрнэт-тэхналогій.
«Указ скіраваны на залучэнне ў арганізацыю рэкламных гульняў малога і сярэдняга бізнесу, павышэнне іміджу беларускіх суб'ектаў гаспадарання і папулярызацыю айчыннай прадукцыі», - паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама