«Мы бачым актыўнасць замежных спецслужбаў». Лукашэнка расказаў пра затрыманне «двух дзясяткаў груп тэрарыстаў»
14 снежня 2023 у 1702545720
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія і расійскія спецслужбы затрымалі «дзясяткі два груп тэрарыстаў», якія рыхтавалі тэрарыстычныя аперацыі на тэрыторыі Расіі і Беларусі, паведамляе ягоная прэс-служба.
«Мы бачым актыўнасць замежных спецслужбаў на нашай тэрыторыі. Формы іх працы набываюць усё больш агрэсіўны характар. Да нас закідваюць не проста шпіёнаў, а ўжо агентаў-тэрарыстаў, - сказаў ён. - Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фармуюць нейкія палкі з нашых збеглых, прыцягваюць наймітаў».
Лукашэнка падкрэсліў, што зусім не згушчае фарбы, а наадварот, не можа ўсяго адкрыта сказаць па гэтым пытанні: «Вы мяне разумееце. Мы з Расійскай Федэрацыяй, напэўна, ужо дзясяткі два затрымалі груп тэрарыстаў, якія імкнуцца перш за ўсё да тэрарыстычных аперацый на тэрыторыі Расіі і Беларусі».
«Мы бачым вельмі сур'ёзную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, што гэты "санітарны кардон" - на тысячу кіламетраў акно атрымалася. Балкон, акно - хто як называе. Зразумела, што будуць пастаянна яго імкнуцца абрэзаць, каб выйсці туды праз Смаленск, як заўсёды, да Масквы. Шчыра кажу: гэтага дазволіць мы не можам і будзем усяляк са сваімі саюзнікамі прытрымлівацца гэтай лініі», - дадаў палітык.
Чытайце таксама