«Мы ўражаныя попытам». У АПК расказалі, колькі беларусаў ужо захацела атрымаць альтэрнатыўны пашпарт
18 жнiўня 2023 у 1692333660
«Зеркало»
Звыш 57 тысяч беларусаў ужо выказалі жаданне атрымаць альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт, праект якога быў прадстаўлены ў пачатку жніўня, у тым ліку ўсёй сям'ёй. Такія вынікі паказала даследаванне, праведзенае на платформе «Голас», паведаміў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.
- Крыху больш за тыдзень таму мы прадставілі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя попытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 тысяч пашпартоў, - расказаў Кавалеўскі.
Паводле яго, тысячы апытаных плануюць звяртацца па новы пашпарт не толькі для сябе, але і для сваёй сям'і.
Больш чым палова ўдзельнікаў апытання жыве у краінах ЕС, больш чым траціна - у Беларусі, хоць «з пункту гледжання бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа», падкрэсліў прадстаўнік АПК.
Часцей за ўсё беларусы выказвалі жаданне атрымаць альтэрнатыўны пашпарт з прычыны «непрымання рэжыму і ягоных акупацыйных сімвалаў», а галоўнай перавагай назвалі «свабоду ад кантролю дыктатуры, якую ён дае ўладальніку». Сярод больш прагматычных прычын - заканчэнне тэрміну дзеяння афіцыйнага пашпарта і цяжкасці з абменам дакумента ў беларускіх консульствах.
- Апытанне паказала, што як мінімум 2000 чалавек маюць патрэбу ў абнаўленні пашпартоў ужо цяпер. Гэта можа быць «верхавінай айсберга», - адзначыў Кавалеўскі.
Нагадаем, дызайн новага нацыянальнага пашпарта Беларусі быў прэзентаваны ў пачатку жніўня на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023».
У пашпарце выкарыстоўваюцца дзве мовы: беларуская і англійская. На старонках размешчаныя нацыянальныя сімвалы, помнікі архітэктуры і культуры. Акрамя таго, дакумент змяшчае герб «Пагоня» і гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Пашпарт будзе біяметрычным машынапісным дакументам, які адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Бяспека дадзеных будзе захоўвацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам ЕС, запэўнілі ў АПК.
Заяўкі на атрыманне дакумента будуць прымацца сеткай офісаў, размешчаных у краінах з найбольшай колькасцю беларусаў замежжа. Тамсама можна будзе забраць гатовы пашпарт. Пры гэтым дзяржаўныя пашпарты ўзору 1996 года і біяметрычныя пашпарты ўзору 2021 года забірацца не будуць, каб беларусы мелі магчымасць ездзіць па гэтых дакументах у Беларусь.
На першым этапе АПК сканцэнтруецца на прызнанні пашпарта краінамі - чальцамі ЕС і краінамі з найбольшай колькасцю беларусаў, пасля - на пытаннях бязвізавага рэжыму для ўладальнікаў пашпартоў Новай Беларусі.