«Мы стварылі дзяржаву без алігархаў». Ідэолагі згенеравалі сваю новую метадычку з паслання Лукашэнкі: што там цікавага
20 красавiка 2023 у 1681995060
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка выступіў з пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу. Гэта стала ў наратывах дзяржпрапаганды «найважнейшай палітычнай падзеяй года» і"гістарычнай прамовай" - так пра пасланні казалі і пісалі на ўсіх праўладных рэсурсах (і працягваюць успамінаць дагэтуль). А гэта значыць, што супрацоўнікам Акадэміі кіравання, якія штомесяц гарбеюць над складаннем метадычак для ідэолагаў усёй краіны, пашанцавала: ім не давялося пісаць красавіцкую метадычку з нуля - яе ўдалося амаль цалкам скласці з выступу Лукашэнкі.
Расказваем, што гэтым разам мусяць данесці ідэолагі зверху ідэолагам знізу, а тыя - супрацоўнікам прадпрыемстваў і ўстановаў.
Праваслаўе, дэмакратыя, народнасць
Калі верыць метадычцы, сітуацыя ў краіне наступная:
- на 30-ы год кіравання Лукашэнкі выйшла так, што «ніколі раней у гісторыі нашай незалежнай Беларусі не стаяла так востра пытанне суверэнітэту і незалежнасці». І гэтым хочуць скарыстацца ворагі Беларусі на Захадзе;
- у свеце ўсё дрэнна, крызіс, голад, санкцыйныя войны, узброеныя канфлікты, уцекачы, маячыць «трэцяя сусветная з ядзернымі пажарамі». І хутка свет стане абсалютна іншым - такі цяпер гістарычны момант;
- каб у гэты момант, пакуль «вакол штарміць», утрымацца, Лукашэнку неабходнае «народнае адзінства», якое беларусы «заўсёды дэманстравалі ў пераломныя моманты гісторыі».
Каб утрымаць незалежнасць і не страціць «народнае адзінства», трэба захоўваць гістарычную праўду. А яна, як вучаць ідэолагаў, такая:
- беларуская нацыя сфармавалася на аснове хрысціянства, але «пры пераважнай перавазе праваслаўя», пры гэтым беларусы адзначаюць двое Калядаў, тры Вялікадні і паважаюць Курбан-байрам, бо вельмі талерантны народ;
- дэмакратычныя традыцыі Беларусі «маюць тысячагадовую гісторыю»;
- беларуская дзяржава - адначасова правапераемніца і Старажытнай Русі, і ВКЛ;
- «Вялікае Княства Літоўскае было таксама рускім - то-бок усходнеславянскім, то-бок нашым»;
- але рамантызаваць ВКЛ і Рэч Паспалітую не трэба, бо тады «сярэднявечныя алігархі нажывалі багацце на гарбе народа, які сеяў, араў, будаваў». І менавіта пра гэта трэба расказваць у замках і палацах, «якія мы рэстаўравалі».
Захавальнікамі гістарычнай памяці, на думку Лукашэнкі і ідэолагаў, ёсць створаныя за савецкім часам дзяржаўныя герб і сцяг, а таксама гімн. Нагадаем, афіцыйны чырвона-зялёны сцяг БССР з'явіўся толькі ў 1951 годзе, а аўтарам яго быў мастак Мікалай Гусеў. Падчас Другой сусветнай вайны ён заставаўся ў Мінску, вымушана супрацоўнічаў з нямецкімі акупантамі і нават напісаў партрэт Гітлера, за што потым сядзеў у савецкай турме. Але пра гэтую грань гістарычнай праўды метадычка маўчыць.
Яшчэ адзін новы тэзіс у апошні год прасоўвалі прарасійскія і праўладныя прапагандысты і актывісты, а цяпер ён замацаваўся ў прамове Лукашэнкі і афіцыйнай метадычцы. Гэта «культурнае імпартазамяшчэнне»: пастаўленая задача адыходзіць ад «павеваў і святкаванняў», якія «супярэчаць нашым хрысціянскім прынцыпам і маралі». То-бок адмовіцца ад усялякіх хэлоўінаў і дзён святога Валянціна канчаткова вырашана на найвышэйшым узроўні. Замест гэтага мусяць быць свае, традыцыйныя, святы.
У эканоміцы ўсё добра
На аснове прамовы Лукашэнкі ідэолагам трэба будзе растлумачыць, што з беларускай эканомікай усё добра, а калі нешта не добра - гэта інтрыгі Захаду.
«Па ўсіх паказчыках, якія характарызуюць сацыяльную няроўнасць, Беларусь адносіцца да найбольш паспяховых краін. Мы стварылі дзяржаву без алігархаў, не дапусцілі канцэнтрацыі капіталу і ўласнасці ў адных руках, усе нацыянальныя багацці належаць народу. Таму менавіта эканоміка, якая забяспечвае сацыяльную абароненасць грамадзян, з'яўляецца галоўнай мішэнню Захаду», - гаворыцца ў метадычцы.
Чаму Захад хоча знішчыць Беларусь? Аказваецца, ён лічыць яе канкурэнтам, бо краіна мае «значныя прыродныя рэсурсы, сур'ёзныя навуковыя кампетэнцыі і высокі ўзровень прамысловай вытворчасці».
Сёлета ўлады хочуць забяспечыць рост ВУП на ўзроўні 4%. А значыць, патрэбная вытворчая дысцыпліна і вельмі жорсткі парадак, падкрэсліваецца ў метадычцы. Але тут жа яе аўтары спрабуюць пераканаць, што краіне таксама патрэбная ініцыятыва, кіраўнікі, якія нестандартна мысляць, і смелыя людзі, якія не баяцца «выходзіць за межы інструкцый і браць на сябе адказнасць» (адміністрацыйную або крымінальную - не ўдакладняецца).
Акрамя таго, для развіцця эканомікі ўлады спадзяюцца вярнуць інвестараў, абяцаюць добраўпарадкоўваць тэрыторыі, будаваць больш жылля і бетонных дарог.
Свет несправядлівы, акрамя Беларусі
Важным тэзісам метадычкі стаў аповед пра Беларусь як дзяржаву сацыяльнай справядлівасці - у адрозненне ад астатняга (заходняга) свету.
Так, прычынай многіх сённяшніх узрушэнняў у свеце, аказваецца, стала жаданне транснацыянальных карпарацый вярнуцца да жорсткай эксплуатацыі людзей. У людзей адбіраюць «дасягненні працоўнага народа», хутка ў свеце будуць мільярды жабракоў і бяспраўных, затое «ліберастычна свабодных», цытуецца Аляксандр Лукашэнка.
Зусім іншая рэч - Беларусь, якая «ідзе сваёй дарогай, спрабуе падтрымаць свой народ, сваіх працоўных людзей»:
- амаль 31% насельніцтва задаволеныя матэрыяльным становішчам сваіх сем'яў, 58% лічаць яго сярэднім і толькі 10 - кепскім (вынікі аднаго з апытанняў Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук);
- рэальны рост пенсій сёлета мусіць быць вышэйшы за 4%;
- «нікому не дазволена беспадстаўна падвышаць цэны і рабаваць людзей»;
- тарыфы ЖКГ растуць не больш чым на 5 даляраў за год.
Ідэолагі звяртаюць увагу на тое, што дзеля яшчэ лепшага размеркавання справядлівасці ў прасторы Лукашэнка патрабуе збалансавана развіваць усе рэгіёны, у тым ліку вёску, а не толькі Мінск. І людзі, паводле апытанняў Інстытута сацыялогіі, задаволеныя ўмовамі пражывання ў рэгіёнах: 90 адсоткам хапае аптэк, 89 адсоткам - крамаў, 86% задаволеныя аховай парадку і 73% - грамадскім транспартам.
Метадычка таксама расказвае, як дзяржава дбае пра сем'і з дзецьмі: ім аказваецца ўсялякая падтрымка, а будучыя мамы аточаныя клопатам, малыя бяруцца пад патранат яшчэ да нараджэння. А ўсё таму, што Беларусі вельмі важная яе дэмаграфічная бяспека. Але і тут Захад устаўляе палкі ў колы, распаўсюджваючы моду на «жыццё для сябе», пазнейшае нараджэнне дзяцей і наогул чайлдфры. Усё гэта абавязкова трэба спыняць, даюць устаноўку ідэолагам, якія павінныя «мяняць парадыгму такога мыслення».
Недаступная раскоша самастойнасці
У плане замежнай палітыкі ідэолагі павінныя данесці да насельніцтва наступнае: за Беларусь «сур'ёзна ўзяліся», NATO рыхтуе баевікоў з ліку тых, хто з'ехаў, каб «на іх гарбе ўлезці да нас і зладзіць заварушку» (цытата Лукашэнкі). Беларусь усяляк спрабуюць уцягнуць у вайну (спрабуе, як вядома, Захад), і выратаваць краіну ад гэтага можа толькі «разварот на Усход» і паскоранае развіццё адносін з саюзнікамі. У прыярытэце - Расія і Кітай, але таксама важныя Іран і Блізкі Усход, а яшчэ Афрыка і Лацінская Амерыка.
«Самастойнасць знешняй палітыкі - гэта раскоша ў сучасным свеце, дазволіць сабе якую могуць не ўсе народы і дзяржавы. Тым больш сёння, калі глабальнае супрацьстаянне з заканчэння Другой сусветнай вайны дасягнула найвышэйшай мяжы», - апісвае метадычка актуальнае становішча Беларусі.
Пры гэтым ідэолагам варта тлумачыць, што сама Беларусь адкрытая для дыялогу, у тым ліку з еўрапейцамі, але толькі калі яны будуць паважаць беларускі народ і «яго выбар».
«Адгарадзіцца ад нас не атрымаецца ніякімі платамі з калючым дротам ні палякам, ні літоўцам, ні латышам», - папярэджвае метадычка.
Міралюбная краіна
Нарэшце, апошняя частка метадычкі прысвечаная таму, як Беларусь не хоча ні з кім ваяваць, але «жыццё прымушае порах трымаць сухім». Віной таму можна лічыць страту даверу паміж дзяржавамі і імперыялізм ЗША і іх сатэлітаў - гэта яны, паводле версіі ідэолагаў, развязваюць вайну.
І менавіта для абароны ад гэтых пагрозаў Беларусі і патрэбная тактычная ядзерная зброя - так супрацоўнікам прадпрыемстваў, дзяржслужбоўцам і бюджэтнікам мусяць тлумачыць яе хуткае з'яўленне ў краіне. Сэнс у тым, каб Захад ведаў, што Беларусь гатовая выпусціць ракеты і нанесці «непрымальную шкоду» ворагам. На думку Лукашэнкі, гэта напалохае Захад, і ён не будзе наносіць удар па Беларусі першым.
У метадычцы адзначаецца, што «захоўваць мір» у Беларусі даручана ўсім сілавым ведамствам любой цаной. Але падкрэсліваецца, што без саміх беларусаў тут не абыдзецца, і кожны з іх мусіць быць гатовы стаць пад ружжо.
«Кожны як мінімум мусіць навучыцца трымаць у руках стрэльбу, каб умець абараніць мір на сваёй зямлі», - гаворыцца ў дакуменце. А ідэолагі павінныя пераканаць у гэтым жыхароў краіны.