Devby.io высветліў назву IT-акадэміі, заснавальнікаў якой КДК злавіў на ўхіленні ад выплаты падаткаў. Каментар кампаніі
апублікавана: 7 красавiка 2023 в 15.42
абноўлена: 7 красавiка 2023 в 18.56
«Зеркало»
Камітэт дзяржкантролю 7 красавіка павеаміў пра крымінальную справу ў дачыненні да «трох заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў кампаніі», якая займаецца распрацоўкай ПЗ і паслугамі ў сферы IT-адукацыі. Паводле звестак выдання devby.io, гаворка ідзе пра камп'ютарную акадэмію «Шаг».
Акадэмія «Шаг» у Беларусі з'явілася ў 2013 годзе. Навучальная ўстанова спецыялізуецца на прафесійнай камп'ютарнай адукацыі і мае філіялы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Бабруйску і Баранавічах.
У акадэміі «Шаг» devby.io пракаментавалі крымінальную справу:
- Да нашай кампаніі сапраўды праявілі цікавасць фінансава-кантрольныя службы. Пры гэтым мы яшчэ ў пачатку 2022 года правялі рэструктурызацыю сістэмы падаткаабкладання, каб адпавядаць заканадаўчым зменам і правапрымяняльнай практыцы. Таму цяперашняя праверка закранае адзін з перыядаў дзейнасці кампаніі ў мінулым.
Гэтая праверка ніяк не закранае ні нашых кліентаў, ні нашых выкладчыкаў, ні наш навучальны працэс у цэлым. Выстаўленая кампаніі шкода цалкам пагашаная. Камп'ютарная акадэмія «Шаг» у Мінску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Бабруйску, Баранавічах - усе мы працягваем працаваць у штатным рэжыме. Усе нашыя супрацоўнікі працуюць на сваіх месцах, выкладчыкі вядуць заняткі па раскладзе, студэнты вучацца. Усе нашыя працоўныя працэсы ў парадку, - паведамілі ў кампаніі.
Паводле КДК, тры заснавальнікі і фактычныя кіраўнікі кампаніі арганізавалі ва ўсіх абласных цэнтрах, Мінску і Бабруйску дзейнасць па распрацоўцы праграмнага забяспечання, а таксама аказанні паслуг у сферы прафесійнай IT-адукацыі - то-бок адукацыйных курсаў, у тым ліку для дзяцей.
«У перыяд з 2015 па 2021 год пры суўдзеле 11 асобаў яны стварылі 14 падкантрольных суб'ектаў гаспадарання (з аднайменнай назвай асноўнага таварыства), якія ажыццяўляюць аналагічную дзейнасць і выкарыстоўваюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Пры гэтым паміж створанымі суб'ектамі штучна размяркоўвалася дзейнасць і выручка галаўной кампаніі, у выніку чаго была заніжаная падатковая база апошняй, што дазволіла яе кіраўнікам ухіліцца ад выплаты падатку на суму 1,6 млн рублёў», - заявілі ў КДК.
У дачыненні да трох заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў кампаніі распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) КК Беларусі. Максімальнае пакаранне прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.