Бюджэтнікам абяцаюць падняць зарплаты. Якая цяпер сітуацыя з іх заробкамі
19 снежня 2022 у 1671444120
«Зеркало»
Улады паабяцалі ў наступным годзе павысіць зарплаты бюджэтнікаў на 17%. Сёлета работнікі дзяржарганізацый сутыкнуліся са зніжэннем сваіх даходаў. Разбіраемся, ці адчуюць яны абяцаны рост у наступным годзе.
У наступным годзе работнікам бюджэтнай сферы хочуць павысіць заробкі ў сярэднім на 17% - да 1454 рублёў, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка.
Па выніках дзесяці месяцаў гэтага года сярэдні заробак бюджэтнікаў быў 1 249,1 рубля, гэта на 4,1% менш, чым год таму. То-бок сёлета іх заробкі падалі нават у намінальным выражэнні. Плюс прыкладна шостую частку заробку з'ела інфляцыя.
Пры гэтым у намінальным выражэнні ў многіх галінах бюджэтнай сферы зарплаты раслі. Так, у сацработнікаў за год сярэдні заробак вырас на 154 рублі. Але пры гэтым у кастрычніку ён быў на 681 рубель меншы за сярэдні па краіне.
На 250 рублёў вырасла зарплата ў дзяржкіраванні, на 125 рублёў - у адукацыі. А вось у медыкаў сярэдні заробак упаў на 65,5 рублёў. З улікам інфляцыі ў названых чатырох сферах ён вырас толькі ў сацработнікаў і практычна не змяніўся ў дзяржкіраванні. А педагогі і медыкі засталіся ў мінусе, прычым другія - у даволі вялікім. Зарплаты работнікаў медыцыны, паводле статыстыкі, нашмат ніжэйшыя, чым 2300 рублёў, якія называе кіраўнік Мінздароўя Дзмітрый Піневіч.
У сацыяльна-эканамічным прагнозе на 2023 год інфляцыя закладзеная на ўзроўні 7−8%. Калі ўявіць, што ўдасца рэалізаваць планы па інфляцыі і па павышэнні заробкаў, то з улікам росту цэн у сярэднім бюджэтнікі будуць мець у рэальным выражэнні на 10% больш, чым сёлета.
Але, як паказвае досвед гэтага года, рэальнасць можа аказацца нашмат менш аптымістычнай. На 2022-ы інфляцыя планавалася не вышэйшай за 6%, а ў выніку яна была двухзначнай. Запаволіўся рост цэн толькі пасля ўвядзення жорсткага рэгулявання, і ў лістападзе інфляцыя была 13,3%. Выказваюць сумневы ў магчымасці стрымаць рост цэн на запланаваным узроўні і эксперты. Эканаміст Дзмітрый Крук падкрэсліваў, што цаной запланаванага паскарэння росту эканомікі можа стаць паскарэнне інфляцыі. У гэтым выпадку яна з'есць яшчэ большы кавалак павышаных заробкаў бюджэтнікаў.