«Будзе не горш за Merсedes». Лукашэнка актыўна рэкламуе расійскі «Аурус»
12 снежня 2022 у 1670838600
«Зеркало»
Беларусь і Расія нацэленыя на развіццё ўласных кампетэнцый і справяцца на фоне адмовы ад супрацоўніцтва шэрагу замежных кампаній. Так лічыць Аляксандр Лукашэнка, перадае яго прэс-служба. Заадно ён яшчэ раз прарэкламаваў расійскі «Аурус», якому раней спрабаваў зрабіць рэкламу ў Кыргызстане - няўдала.
«Мы з прэзідэнтам Пуціным жорстка дамовіліся. Сышлі - сыходзьце. Мы будзем развіваць свае кампетэнцыі, сваю вытворчасць самі. І мы справімся. Ужо ў Расіі запусцілі вытворчасць нам знаёмых "Масквічоў", "Жыгулёў" (цяпер Lada). Худа-бедна пачалі вырабляць. ГАЗ будзе вырабляць "Волгі". Вы памятаеце, гэта брэнд увогуле быў у Савецкім Саюзе. Яны будуць на больш высокім узроўні. Мы Geely вырабляем. Я кажу пра аўтамабілі, якія патрэбныя насельніцтву. Не начальнікам. Начальнікам вунь "Аурус" яны зрабілі. Вось чыноўнікі і начальнікі будуць ездзіць. Хутка давядуць гэтую машыну. Будзе не горш за Merсedes», - сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, раней ён няўдала прарэкламаваў расійскага аўтавытворцу «Аўрус» у Кыргызстане. Перад пачаткам паседжання Найвышэйшага эканамічнага савета Лукашэнка, перш чым паціснуць руку прэзідэнту Кыргызстана, пажартаваў: «Спадзяюся, я не спазніўся. Mercedes слабыя, доўга заводзяцца». Відэа апублікаваў набліжаны да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» з каментаром: «Аслабеў нямецкі аўтапрам. Гэта вам не "Аурус" (расійскі брэнд аўтамабіляў прадстаўнічага класа. - Заўв. рэд.)».
Пазней у Бішкеку гэтую інфармацыю абверглі. Прэс-сакратар прэзідэнта Кыргызстана заявіў, што аўтамабіль чакаў Лукашэнку ўжо ў заведзеным стане і з ім было ўсё ў парадку.
Апраўдвацца за гэта давялося прэс-сакратару Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант.
«У першыя хвіліны і журналісты, усе, хто пачытаў СМІ, яны сапраўды падумалі, што аўтамабіль не завёўся, - сказала Эйсмант. - І, уласна кажучы, прэзідэнт пайшоў на паседжэнне пешшу. Але думаю, што вы як чалавек, які дастаткова доўга працуе з кіраўніком дзяржавы і ведае яго дастаткова добра, ведаеце, як гэта магло быць, ведаеце, што прэзідэнт пажартаваў. Тут момант у тым, што журналісты, ухапіўшыся за першую частку гэтага жарту, гэтай фразы, не пачулі працягу. А падчас цырымоніі сустрэчы прэзідэнт прадоўжыў. Ён сказаў пра тое, што ў сувязі з працай нямецкага аўтапраму, можа быць, нашы саюзнікі, нашы сябры падораць кожнаму з нас па "Аурусе". Вось такой была другая частка гэтага жарту, якую журналісты, мабыць, захапіўшыся Mercedes, і не пачулі», - патлумачыла яна.