Самотныя агрэсары Пуцін і Лукашэнка. Меркаванне Юрыя Дракахруста
5 красавiка 2022 у 1649162160
«Зеркало»
У сваёй новай калонцы Юрый Дракахруст разважае пра тое, чаму Беларусь разам з Расіяй апынуліся ў ізаляцыі ад усяго свету і нават, здавалася б, найбліжэйшыя саюзнікі не спяшаюцца іх падтрымліваць.
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў: «Беларусь і Расія засталіся практычна сам-насам з тымі, хто спрабуе накінуць ім сваю волю».
Гэтыя словы часткова сталі рэакцыяй на сенсацыйную заяву намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Цімура Сулейменава, паводле якога яго краіна не будзе дапамагаць Беларусі і Расіі пераадолець санкцыйны ціск. «Мы будзем выконваць абмежаванні, накладзеныя на Расію і Беларусь. Мы не хочам апынуцца ў адным кошыку і не будзем рызыкаваць», - сказаў ён.
Макей абурыўся гэтай заявай, папракнуўшы Казахстан за няўдзячнасць: «Мне асабіста дзіўна назіраць, як у цяжкую для сябе хвіліну частка непераможнага савецкага народу звяртаецца па дапамогу да Расіі і Беларусі, і мы аказваем ім гэтую дапамогу. А ў цяжкую для Беларусі і Расіі хвіліну гэтая частка непераможнага народу заяўляе, што не будзе "ў адным кошыку" з Беларуссю і Расіяй».
Варта прыгадаць, як 11 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падчас візіту да Уладзіміра Пуціна агучваў велічныя спадзевы на тое, як постсавецкая інтэграцыя ўратуе Мінск і Маскву ад санкцыйных абцугоў: «Нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЕАЭС сабрацца, згуртавацца разам. Бо ўсе гаварылі аб тым, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце збяром. І, паверце, яшчэ дадаўшы гэтыя рынкі, мы праз месяц забудзем, што ў нас ёсць санкцыі».
Моц рынкаў Арменіі, Кіргізстана, Казахстана і Таджыкістана Лукашэнка ў сваіх геапалітычных летуценнях крыху перабольшваў, але, як высветлілася, нават гэтая сціплая моц асабліва не збіраецца падстаўляць плячо краіне-агрэсару і яе саўдзельніцы.
І не толькі ў сэнсе наўпроставай дапамогі, але і дзеля абыходу санкцый, у чым Мінск і Масква вельмі зацікаўленыя. «Праз месяц» даводзіцца забыць не пра санкцыі, а пра спадзевы іх абысці.
Іншыя саюзнікі па АДКБ і ЕАЭС такіх недвухсэнсоўных заяў, як Казахстан, праўда, не рабілі. Але не рабілі і заяў адваротнага зместу - не абяцалі падтрымаць «дэнацыфікатараў» Украіны. Нават Арменія, якой зараз, у святле ваенных рухаў Азербайджана ў Карабаху, дапамога Расіі патрэбная пазарэз.
Але вернемся да канстатацыі, зробленай Макеем. Ён не абмежаваўся папрокамі на адрас Казахстана, а заўважыў, што Мінск і Масква апынуліся ў поўнай ізаляцыі.
Прапаганда кажа, што Захад - гэта далёка не ўвесь свет, што з Беларуссю і Расіяй хіба не палова, калі не большая частка свету, з ёй вялікі Кітай, Індыя, Турэччына.
Ну, а вось міністру Макею так не здаецца.
Прыгаданы казахстанскі чыноўнік патлумачыў прагматычную подбіўку рашэння яго краіны: «Менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстана ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЕС».
Свет і сапраўды не складаецца з аднаго Захаду. Але астатні свет залежны ад Захаду, звязаны з ім. І цяпер Захад ставіць перад кожнай краінай свету пытанне рубам: вы з агрэсарам-Расіяй і яго паплечніцай-Беларуссю ці не?
Размова не толькі і нават не столькі пра рыторыку. Пры галасаванні на генеральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю з асуджэннем агрэсіі Расіі некалькі дзясяткаў дзяржаваў устрымаліся.
Але калі нават жахі Марыупаля і Бучы не ўражваюць, то ўражвае прынамсі перспектыва другасных санкцый.
Аднак ёсць і больш глыбокія прычыны гэтай геапалітычнай самоты Расіі.
Існы светапарадак задавальняе далёка не ўсе краіны свету. Але развіццё падзей пасля 24 лютага паказала, што той парадак, які Расія спрабуе ўсталяваць вайной, не задавальняе практычна ўвесь свет яшчэ больш.
Ультыматум аб гарантыях бяспекі, які Расія прад'явіла Захаду напрыканцы мінулага года, сведчыць пра тое, што мэтай вайны з суседняй краінай быў не столькі яе захоп, колькі змена правілаў, па якіх жыве свет. Свету (менавіта свету, а не аднаму Захаду) не надта спадабалася.
Што тычыцца таго ж Казахстана, то можна меркаваць, што адным з чыннікаў яго жорсткай пазіцыі былі перасцярогі, што наступнай ахвярай «дэнацыфікацыі» можа стаць ён. Паўночны рэгіён Казахстана ў расійскім шавіністычным дыскурсе ўжо здаўна трактуецца як «спрадвечныя расійскія землі». У свеце, які спрабуе збудаваць Расія вайной ва Украіне, тэрытарыяльная цэласнасць Казахстана не гарантаваная нічым.
Аляксандар Лукашэнка свой выбар таксама зрабіў - іншы, адваротны, чым прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Але і Захад, і Украіна нагадваюць Лукашэнку пра тое, што яго выбар - абарачальны.
Узровень санкцыйнага ціску на Беларусь хоць і ўзрастае, але ўвесь час застаецца ніжэйшым, чым узровень ціску на Расію.
У спрэчцы, ці Лукашэнка супраціўляецца пасылцы беларусаў на вайну, ці проста Пуціну гэта пакуль не патрэбна, украінская ўлада - на баку першай версіі. «Мы бачым, што Лукашэнка нейкія крокі рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну», - заявіў Уладзімір Зяленскі 5 красавіка.
Магчыма, як чалавек, як украінец Зяленскі разважае інакш. Але як прэзідэнт Украіны ён паказвае Лукашэнку, што ў таго ўсё яшчэ ёсць альтэрнатывы. І Захад паказвае Лукашэнку гэта ж.
І ў пэўнай сітуацыі той самы Макей яшчэ будзе даводзіць заходнім калегам: мы ўсё ж не паслалі свае войскі супраць братоў-украінцаў, расейцы з нашай тэрыторыі нападалі на Украіну - дык яны нас не пыталіся, яны нас прымусілі, яны нам пагражалі, Лукашэнка ж ні разу не сказаў, што даваў згоду на гэтыя напады, мы ж з вамі - еўрапейцы, а расейцы… вядома ж, хто такія расейцы.
Вось чамусьці ні на секунду няма сумневаў, што менавіта так цяперашні адэпт «непераможнага савецкага народу» і будзе гаварыць. Пры пэўным збегу абставін, зразумела.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.